ДЗЯРЖА́ЎНАЯ АКАДЭМІ́ЧНАЯ СІМФАНІ́ЧНАЯ КАПЭ́ЛА РАСІ́І.
Створана ў 1991 у Маскве ў выніку зліцця Дзярж. камернага хору СССР (існаваў з 1971) і Дзярж. сімфанічнага аркестра Мін-ва культуры СССР (існаваў з 1957). Маст. кіраўнік і гал. дырыжор капэлы В.Палянскі. Капэла ўяўляе сабой арган. адзінства двух муз. арганізмаў, якія захоўваюць пэўную творчую самастойнасць (маюць уласныя канцэртныя праграмы, гастрольныя планы, здзяйсняюць запісы). Дзякуючы асаблівай сінт. структуры калектыў мае магчымасць выконваць узоры класічнай музыкі — месы і араторыі, рэквіемы і кантаты, прызначаныя для выканання салістамі, хорам і аркестрам, у т.л. «Глорыя» А.Вівальдзі, «Месія» Г.Ф.Гендэля, месы В.А.Моцарта і Ф.Шуберта, рэквіемы Л.Керубіні, Дж.Вердзі, Моцарта, І.Брамса, А.Брукнера, «Званы» С.Рахманінава, «Вяселейка» І.Стравінскага, многія оперы ў канцэртным выкананні. Капэла — першы выканаўца многіх твораў А.Шнітке, М.Сідзельнікава, С.Губайдулінай і інш. Выступленням капэлы ўласцівыя глыбіня інтэрпрэтатарскіх канцэпцый, высокая ансамблевая культура, бездакорнае пачуццё стылю, каларыстычнае багацце гукавой палітры. Аркестр быў створаны як оперна-сімф. аркестр Усесаюзнага радыё і тэлебачання (арганізатар і першы маст. кіраўнік С.Самасуд), з 1981 яго ўзначальваў Г.Раждзественскі, пад кіраўніцтвам якога калектыў на высокім узроўні выканаў у канцэртах і запісаў на радыё ўсе сімфоніі Брукнера, Дз.Шастаковіча, А.Анегера, Шнітке і інш. Хор (арганізатар і кіраўнік Палянскі) набыў найб. вядомасць пасля ўдзелу ў Міжнар. конкурсе поліфанічных хароў «Гвіда д’Арэца» ў Італіі, дзе стаў лаўрэатам. Яго рэпертуар вялікі і разнастайны, выкананне адметнае высокай вакальна-харавой тэхнікай, прыгожым роўным гучаннем, крышталёвай яснасцю і дакладнасцю інтанавання.
т. 6, с. 144
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)